ПАЛАЖЭННЕ аб парадку выдачы пасведчанняў на права выканання навукова-даследчых работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях і кіраўніцтва распрацоўкай... Сбт, Июл 15. 2006
Аб парадку выдачы пасведчанняў на права выканання навукова-даследчых работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях і кіраўніцтва распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыі на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях
ПАЛАЖЭННЕ
аб парадку выдачы пасведчанняў на права выканання навукова-даследчых работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях і кіраўніцтва распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыі на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях
ЗАЦВЕРДЖАНА
Пастанова
Савета Міністраў
Рэспублікі Беларусь
15.06.2006 № 762
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Дадзенае Палажэнне распрацавана ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2006 года «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2006 г., № 9, 2/1195) (далей – Закон) і ўстанаўлівае парадак выдачы пасведчанняў на права выканання навукова-даследчых работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях i эталонах фiксаваных нематэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей (далей – гісторыка-культурныя каштоўнасці) і кіраўніцтва распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыі на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях.
2. Пасведчанне на права выканання навукова-даследчых работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях і кіраўніцтва распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыі на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях (далей – пасведчанне) з’яўляецца афіцыйным дакументам, які пацвярджае адпаведную кваліфікацыю яго ўладальніка і дае права допуску да выканання азначаных у ім наступных відаў работ:
археалагiчныя даследаванні (разведка i раскопкi) нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей, у тым лiку правядзенне нагляду пры выкананнi земляных i будаўнiчых работ;
архiўна-бiблiяграфiчныя даследаванні па высвятленню i ўдакладненню адметных дакументальных вартасцей гiсторыка-культурных каштоўнасцей;
натурныя даследаванні па высвятленню i ўдакладненню адметных мастацкiх вартасцей гiсторыка-культурных каштоўнасцей;
кіраўніцтва распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыі на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях і аўтарскі нагляд за iх выкананнем;
работы, звязаныя з непасрэдным уздзеяннем на адметныя якасці рухомых і (або) нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцей і іх фрагменты, страта аўтэнтычнасці якіх недапушчальная.
У пасведчанні ў абавязковым парадку вызначаюцца катэгорыі гісторыка-культурных каштоўнасцей, на правядзенне работ на якіх выдаецца гэта пасведчанне.
3. На ўладальнікаў пасведчанняў ускладаецца адказнасць за невыкананне палажэнняў Закона і абавязкаў, вызначаных дадзеным Палажэннем.
ГЛАВА 2
ПАРАДАК ВЫДАЧЫ ПАСВЕДЧАННЯЎ
4. Пасведчанне выдаецца па форме згодна з дадаткам бясплатна Мiнiстэрствам культуры пасля атрымання заключэнняў Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры (далей – Навукова-метадычная рада) або Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі аб адпаведнасцi квалiфiкацыйным патрабаванням кандыдатаў на iх атрыманне.
5. Пасведчанні выдаюцца на падставе пісьмовага звароту ў Міністэрства культуры навукова-даследчых, праектных, навуковых арганізацый, устаноў адукацыі, складзенага па форме, якая ўстанаўліваецца Міністэрствам культуры.
Да звароту прыкладаюцца:
копія дыплома кандыдата на атрыманне пасведчання;
фотаздымак кандыдата памерам 3 х 4 см.
6. Міністэрства культуры ў 5-дзённы тэрмін з дня паступлення звароту накіроўвае матэрыялы, указаныя ў пункце 5 дадзенага Палажэння, для разгляду на чарговым пасяджэнні Навукова-метадычнай рады, якая выдае заключэнне аб адпаведнасцi квалiфiкацыйным патрабаванням кандыдата на атрыманне пасведчання на права выканання работ, указаных у пункце 2 дадзенага Палажэння (за выключэннем правядзення археалагiчных даследаванняў), або пісьмовы зварот у Нацыянальную акадэмiю навук Беларусi аб выдачы заключэння на права правядзення археалагiчных даследаванняў.
Указаныя заключэнні выдаюцца ў тэрмін, які не перавышае 30 дзён з дня паступлення звароту.
Звесткі аб заключэннях Навукова-метадычнай рады або Нацыянальнай акадэмiі навук Беларусi аб адпаведнасці кваліфікацыйным патрабаванням кандыдатаў на атрыманне пасведчання ўносяцца ў кнігу рэгістрацыі і выдачы пасведчанняў, форма якой зацвярджаецца Міністэрствам культуры.
7. У выпадку адмовы ў выдачы пасведчання ў рашэнні ўказваецца прычына адмовы і яе абгрунтаванне.
8. Падрыхтоўка пасведчання ажыццяўляецца на працягу 5 дзён пасля атрымання адпаведнага заключэння, прадугледжанага пунктам 6 дадзенага Палажэння.
Пасведчанне мае нумар, які адпавядае нумару запісу ў кнізе рэгістрацыі і выдачы пасведчанняў.
Пасведчанне падпісваецца кіраўніком Міністэрства культуры або яго намеснікамі і завяраецца пячаткай гэтага Міністэрства.
Пасведчанне выдаецца непасрэдна кандыдату або па яго пісьмовай просьбе даверанай асобе.
9. У выпадку страты пасведчання выдаецца яго дублікат.
10. Пасведчанне выдаецца на тэрмін 5 гадоў.
Пасля заканчэння гэтага тэрміну выдаецца новае пасведчанне ў парадку, вызначаным дадзеным Палажэннем.
ГЛАВА 3
ПРАВЫ І АБАВЯЗКІ СПЕЦЫЯЛІСТА, ЯКІ МАЕ ПАСВЕДЧАННЕ
11. Спецыяліст, кваліфікацыя якога пацверджана пасведчаннем:
11.1. мае права:
прыпыняць правядзенне асобных відаў работ на гiсторыка-культурнай каштоўнасцi пры неабходнасці даследавання і фіксацыі нанава выяўленых яе частак і дэталей, якія маюць свае адметныя духоўныя, мастацкiя i (або) дакументальныя вартасці, пры пагрозе разбурэння канструкцый або знішчэння асобных элементаў гісторыка-культурнай каштоўнасці, пры сістэматычным невыкананні навукова-праектнай дакументацыі і ўказанняў навуковага кіраўніка;
11.2. абавязаны:
забяспечваць узаемадзеянне падраздзяленняў i суб’ектаў гаспадарчай дзейнасцi, якія задзейнiчаны ў распрацоўцы навукова-праектнай дакументацыi;
прымаць удзел у падрыхтоўцы абгрунтаванай праграмы навукова-даследчых работ;
ажыццяўляць кантроль за правядзеннем поўнага комплексу навукова-даследчых работ, у тым ліку з неабходнай фіксацыяй і аналізам у працэсе вытворчасці работ;
забяспечваць дакладнасць i паўнату вынiкаў навукова-даследчых работ;
ажыццяўляць кантроль за распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыі, якая складаецца з камплекта дакументаў, атрыманых па выніках правядзення навукова-даследчых работ, уключаючы матэрыялы з вызначэннем умоў і мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне каштоўнасцей, і праектна-каштарыснай дакументацыі, распрацаванай у адпаведнасці з дзеючымі нормамі;
забяспечваць навуковую абгрунтаванасць i адпаведнасць прымаемых праектных рашэнняў з умовай зберажэння адметных вартасцей гісторыка-культурнай каштоўнасцi;
забяспечваць своечасовае вырашэнне ўсiх пытанняў па праектна-каштарыснай дакументацыі, што ўзнікаюць у працэсе правядзення работ на гісторыка-культурнай каштоўнасці;
прымаць удзел пры ўзгадненнi i абароне праектных прапаноў i выкананай навукова-праектнай дакументацыi;
ажыццяўляць кантроль за выкананнем рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ у адпаведнасцi з зацверджанай ва ўстаноўленым парадку навукова-праектнай дакументацыяй;
забяспечваць навуковую фiксацыю гісторыка-культурнай каштоўнасці ў працэсе правядзення работ, фотафiксацыю да пачатку, у працэсе, а таксама пасля заканчэння работ;
прадугледжваць меры па захаванню гісторыка-культурнай каштоўнасці ў працэсе правядзення навукова-даследчых работ і пасля іх заканчэння, звязаных з непасрэдным уздзеяннем на яе;
адлюстроўваць у навуковай справаздачы дакладную і поўную інфармацыю, выяўленую ў працэсе правядзення навукова-даследчых работ;
матэрыялы навуковай справаздачы, падрыхтаваныя рэкамендацыі па выніках праведзеных навукова-даследчых работ своечасова прадстаўляць распрацоўшчыкам навукова-праектнай дакументацыі;
ажыццяўляць кантроль за належным выкарыстаннем прапанаваных рэкамендацый і навукова-праектнай дакументацыі ў працэсе выканання рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях.
12. У выпадках невыканання спецыялістам, які мае пасведчанне, патрабаванняў дзеючага заканадаўства і абавязкаў, ускладзеных на яго ў адпаведнасці з дадзеным Палажэннем, па прадстаўленню абгрунтаваных прэтэнзій Міністэрства культуры і (або) мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў, у кампетэнцыю якіх уваходзяць пытанні аховы гiсторыка-культурнай спадчыны, Навукова-метадычнай радай прымаецца рашэнне аб прыпыненні дзейнасці пасведчання.
На адрас прадпрыемства, у якім працуе ўладальнік пасведчання, Міністэрства культуры накіроўвае пісьмовае паведамленне аб рашэнні Навукова-метадычнай рады.
Дадатак - Узор пасведчання на права выканання навукова-даследчых работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях і кіраўніцтва распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыі на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях
Нет комментариев.
Warning: Smarty error: unable to read resource: "file:trackbacks.tpl" in /home/gornes1052885/www/a-h.by/s153/bundled-libs/Smarty/libs/Smarty.class.php on line 1093