ПАЛАЖЭННЕ аб парадку фарміравання Банка звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь і парадку азнаямлення з інфармацыяй, якая змяшчаецца ў ім Сбт, Июл 15. 2006
Аб парадку фарміравання Банка звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь і парадку азнаямлення з інфармацыяй, якая змяшчаецца ў ім
ПАЛАЖЭННЕ
аб парадку фарміравання Банка звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь і парадку азнаямлення з інфармацыяй, якая змяшчаецца ў ім
ЗАЦВЕРДЖАНА
Пастанова
Савета Міністраў
Рэспублікі Беларусь
15.06.2006 № 762
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Дадзенае Палажэнне распрацавана ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2006 года «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2006 г., № 9, 2/1195) у мэтах устанаўлення парадку фарміравання Банка звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь (далей – Банк звестак) і вызначэння парадку азнаямлення з інфармацыяй, якая змяшчаецца ў ім.
2. Банк звестак рэгіструецца ў Дзяржаўным рэгістры інфармацыйных рэсурсаў.
3. Фарміраванне Банка звестак ва ўстаноўленым парадку ажыццяўляецца адкрытым акцыянерным таварыствам «Праектрэстаўрацыя» (далей – ААТ «Праектрэстаўрацыя»), упаўнаважаным на гэта Міністэрствам культуры.
4. Банк звестак уяўляе сабой сістэматызаваны збор звестак, запісаных на электронных носьбітах, аб:
гісторыка-культурных каштоўнасцях, якія ва ўстаноўленым парадку ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (далей – Дзяржаўны спіс);
адметных выніках і сведчаннях гістарычнага, культурнага і духоўнага развіцця народа Беларусі незалежна ад іх месцазнаходжання;
страчаных матэрыяльных аб’ектах, прадметах і нематэрыяльных праяўленнях творчасці чалавека, наяўнасць якіх дакументальна засведчана і якія маглі б атрымаць статус гісторыка-культурных каштоўнасцей.
5. Фарміраванне Банка звестак ажыццяўляецца за кошт сродкаў, прадугледжаных у рэспублiканскiм бюджэце на спецыяльныя праграмы i мерапрыемствы ў галiне культуры, iншых крынiц фiнансавання, не забароненых заканадаўствам.
ГЛАВА 2
МЭТЫ ФАРМІРАВАННЯ БАНКА ЗВЕСТАК
6. У Банку звестак захоўваюцца на электронных носьбітах сiстэматызаваная ў асобных тэматычных раздзелах інфармацыя аб каштоўнасцях, віды якіх вызначаны ў пункце 4 дадзенага Палажэння; вызначаныя ва ўстаноўленым парадку раздзелы навукова-праектнай дакументацыі на выкананне работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях; іншыя матэрыялы або іх копіі, якія датычацца гісторыка-культурнай спадчыны.
7. Назапашванне інфармацыі аб каштоўнасцях у электроннай форме, а таксама збор праектных, выдавецкіх і іншых матэрыялаў, якія датычацца гісторыка-культурнай спадчыны, праводзіцца ў мэтах:
вывучэння і ўліку матэрыяльных аб'ектаў i нематэрыяльных праяўленняў творчасцi чалавека, якiя могуць мець гiсторыка-культурную каштоўнасць, садзейнічання ў наданні ім статусу гісторыка-культурных каштоўнасцей і ўключэння ў Дзяржаўны спіс;
арганізацыйнай і навукова-метадычнай дапамогі ў апублікаванні Дзяржаўнага спіса;
стварэння ўмоў для комплекснай ацэнкі наяўнага стану, функцыянальнага выкарыстання і ўтрымання гісторыка-культурных каштоўнасцей;
фарміравання архіва вызначаных ва ўстаноўленым парадку раздзелаў навукова-праектнай дакументацыі на выкананне работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях, збору выдавецкіх і іншых матэрыялаў, якія датычацца гісторыка-культурнай спадчыны народа Беларусі;
садзейнічання органам дзяржаўнага кіравання, установам, грамадскім арганізацыям, грамадзянам, іншым зацікаўленым пры вырашэнні пытанняў і арганізацыі работы па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, правядзенні навукова-даследчых, праектных, вытворчых і іншых мерапрыемстваў у дачыненні да гісторыка-культурных каштоўнасцей і ў зонах іх аховы;
садзейнічання арганізацыі міжнароднага супрацоўніцтва ў справе аховы гісторыка-культурнай спадчыны, спрыяння дзейнасці па вяртанню ў Рэспубліку Беларусь культурных каштоўнасцей, незаконна вывезеных за яе межы;
папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны народа Беларусі ў краіне і за яе межамі.
ГЛАВА 3
ПАРАДАК ФАРМІРАВАННЯ БАНКА ЗВЕСТАК
8. Фарміраванне Банка звестак ажыццяўляецца спецыялістамі ААТ «Праектрэстаўрацыя», якія маюць адпаведную кваліфікацыю, што дазваляе праводзіць ім выяўленне, аналіз і рэдагаванне інфармацыі аб каштоўнасцях, занясенне яе ў электронную базу дадзеных Банка звестак, архівіраванне навукова-даследчых, праектных і іншых матэрыялаў, якія датычацца гісторыка-культурнай спадчыны (далей – спецыялісты).
9. На кожную каштоўнасць, вызначаную ў адпаведнасці з пунктам 4 дадзенага Палажэння, у Банку звестак запаўняецца ўліковы дакумент у форме электроннага пашпарта, раздзелы якога складаюць інтэрфейс Банка звестак.
10. У інтэрфейсе Банка звестак паслядоўна або ў іншым спецыяльна зададзеным парадку прадстаўлены наступныя раздзелы электроннага пашпарта:
уліковыя дадзеныя і месца знаходжання каштоўнасці, у якім прадстаўлены юрыдычны адрас каштоўнасці, і для гісторыка-культурнай каштоўнасці – шыфр адпаведна Дзяржаўнаму спісу;
абгрунтаванне статусу каштоўнасці з указаннем дзеючых нарматыўных прававых актаў, паводле якіх нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, а таксама страціўшых сілу нарматыўных прававых актаў, якімі гэты або прыраўняны да яго статус надаваўся ў папярэдні перыяд;
гістарычны адрас, які магла мець каштоўнасць пры яе стварэнні і ў далейшы перыяд існавання;
характарыстыка ўласнікаў (уладальнiкаў), якая змяшчае звесткі аб уласніку (уладальнiку) каштоўнасці, лакалізацыі ўладання, датах пачатку і заканчэння права ўладання, форме ўласнасці, кошце аб’екта і даце вызначэння гэтага кошту;
звесткі аб зонах аховы матэрыяльнай нерухомай гісторыка-культурнай каштоўнасці з указаннем даты і нумара нарматыўнага прававога акта, якім зацверджаны праект зон аховы, тыпу гэтых зон, апісання межаў і рэжымаў;
звесткі аб ахоўных абавязацельствах, якія падпісаны ўласнікам (уладальнiкам) каштоўнасці і зарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку ў Міністэрстве культуры;
інфармацыя пра адказных за правядзенне работ асоб з указаннем звестак у адпаведнасці з дакументам, які дае ім права на правядзенне пэўных відаў работ;
кароткае апісанне каштоўнасці;
характарыстыка сучаснага тэхнічнага стану каштоўнасці;
звесткі аб элементах каштоўнасці, якія маюць самастойны статус гісторыка-культурнай каштоўнасці;
гісторыя фарміравання і выкарыстання каштоўнасці;
кароткая гістарычная даведка пра каштоўнасць;
графічныя матэрыялы і фотаздымкі з адлюстраваннем каштоўнасці, у тым ліку ў розныя перыяды яе існавання або бытавання;
архіўныя і бібліяграфічныя крыніцы пра каштоўнасць;
звесткі аб наяўнасці навукова-тэхнічнай дакументацыі на рэстаўрацыю і іншыя віды работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях.
У кожным раздзеле электроннага пашпарта ўказваюцца прозвішча і ініцыялы яго складальніка (спецыяліста), дата запаўнення гэтага раздзела.
Раздзелы пашпарта могуць быць дапоўнены іншымі звесткамі, якія змяшчаюць важную для характарыстыкі каштоўнасці інфармацыю.
11. Юрыдычныя і фізічныя асобы, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, якія з’яўляюцца заказчыкамі распрацоўкі навукова-праектнай дакументацыі на выкананне работ на матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях, у абавязковым парадку павінны перадаваць у ААТ «Праектрэстаўрацыя» ўстаноўленыя Міністэрствам культуры раздзелы навукова-праектнай дакументацыі на ўсе віды работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях і ў зонах іх аховы для ўнясення адпаведнай інфармацыі ў Банк звестак.
Інфармацыя перадаецца ў Банк звестак на папяровых і (або) электронных носьбітах заказчыкам распрацоўкі навукова-праектнай дакументацыі або па яго даручэнню праектнай арганізацыяй, якая выканала распрацоўку гэтай навукова-праектнай дакументацыі. Без выканання гэтага патрабавання навукова-праектная дакументацыя не падлягае ўзгадненню і дазвол на выкананне работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях не выдаецца.
12. Запаўненне і дапаўненне інфармацыяй раздзелаў электроннага пашпарта (базы дадзеных), яе змяненне ў выніку выяўлення новых дадзеных праводзіцца спецыялістамі на падставе атрыманых у ходзе праведзеных навукова-даследчых і іншых мерапрыемстваў звестак або копій матэрыялаў, якія датычацца гісторыка-культурных каштоўнасцей або іншых адметных вынікаў і сведчанняў гістарычнага, культурнага i духоўнага развiцця народа Беларусi, выяўленых у ходзе гэтых мерапрыемстваў.
Не дапускаецца ўчыненне перашкод спецыялістам пры выкананні імі работы па збору звестак і матэрыялаў аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь, правядзенне якой пісьмова пацвярджаецца Міністэрствам культуры або ААТ «Праектрэстаўрацыя». Службовыя асобы, уласнікі (уладальнікі) і карыстальнікі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, грамадзяне, кіраўнікі і супрацоўнікі навукова-праектных арганізацый, іншыя зацікаўленыя абавязаны спрыяць спецыялістам у выяўленні і атрыманні дакладнай інфармацыі і матэрыялаў аб гісторыка-культурнай спадчыне народа Беларусі.
13. За ААТ «Праектрэстаўрацыя», якое выконвае работу па фарміраванню Банка звестак, замацоўваюцца абсталяванне і тэхнічныя сродкі, непасрэдна прызначаныя для фарміравання Банка звестак, што дазваляюць з выкарыстаннем сучасных тэхналогій праводзіць выяўленне, фіксацыю, капіраванне, рэдагаванне і захаванне інфармацыі аб гісторыка-культурнай спадчыне, яе прадастаўленне ва ўстаноўленым парадку зацікаўленым, увядзенне ў шырокі ўжытак вызначаных раздзелаў Банка звестак з мэтай папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.
ГЛАВА 4
ПАРАДАК АЗНАЯМЛЕННЯ З ІНФАРМАЦЫЯЙ, ЯКАЯ ЗМЯШЧАЕЦЦА Ў БАНКУ ЗВЕСТАК
14. Электронная праграма Банка звестак разлічана на прадастаўленне інфармацыі аб гісторыка-культурнай спадчыне на электронных носьбітах пры дапамозе лакальных сетак, праз глабальную камп'ютэрную сетку Інтэрнет і на папяровых носьбітах.
15. Органы дзяржаўнага кіравання, дзяржаўныя архівы і бібліятэкі, юрыдычныя і фізічныя асобы, якія бясплатна прадстаўляюць інфармацыю аб гісторыка-культурнай спадчыне для занясення яе ў базу дадзеных Банка звестак, могуць карыстацца змешчанай у ім інфармацыяй, а таксама сабранымі матэрыяламі навукова-праектнага і архіўна-бібліяграфічнага характару на бязвыплатнай аснове.
16. Іншыя зацікаўленыя могуць карыстацца інфармацыяй, прадастаўляемай згодна з пунктам 14 дадзенага Палажэння, з аплатай паслуг Банка звестак адпаведна калькуляцыі яго рэальных расходаў, зацверджанай Міністэрствам культуры.
Сродкі, атрыманыя ААТ «Праектрэстаўрацыя» за карыстанне інфармацыяй Банка звестак, паступаюць на адпаведны рахунак гэтага прадпрыемства і выкарыстоўваюцца на патрэбы фарміравання Банка звестак або на яго матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне.
17. Пры стварэнні ў Інтэрнеце сайта Банка звестак для агульнага азнаямлення прадстаўляюцца інфармацыя, якая адпавядае раздзелам Дзяржаўнага спіса, а таксама асобныя ілюстрацыйныя матэрыялы, неабходныя для дастатковага ўяўлення гісторыка-культурнай каштоўнасці або іншых адметных вынікаў і сведчанняў гістарычнага, культурнага i духоўнага развiцця народа Беларусi.
18. Пры выкарыстанні інфармацыі, якая змяшчаецца ў Банку звестак, спасылка на раздзелы дадзенага Банка з'яўляецца абавязковай.
Нет комментариев.
Warning: Smarty error: unable to read resource: "file:trackbacks.tpl" in /home/gornes1052885/www/a-h.by/s153/bundled-libs/Smarty/libs/Smarty.class.php on line 1093